Дакар-2022: шосты этап

0 55

Фота: dakar.com

Першая палова сорак чацвёртага ралі Дакар мінула – учора ўдзельнікі гонкі пераадолелі дыстанцыю шостага этапу. Праўда, некаторыя не поўнасцю.

Дакар-2022: шосты этап

На пятым і шостым этапах арганізатары ралі-марафона падрыхтавалі абсалютна розныя спецучасткі для ўдзельнікаў катэгорый матацыклаў і квадрацыклаў і ўсіх астатніх: 346-кіламетровы на ўсходзе ад Эр-Рыяду і 421-кіламетровы на поўначы ад сталіцы Саудаўскай Аравіі. Першы ў чацвер пераадольвалі матацыклісты з квадрацыклістамі, а па другім каталіся аўтамабілісты і экіпажы лёгкіх прататыпаў і SSV. Ну а ўчора яны памяняліся маршрутамі.

Толькі выявілася, што траса другога пасля праходу па ім чатырохколавых машын, у тым ліку цяжкіх, была разварочаная да такой ступені, што праехаць па ёй на матацыклах і квадрацыклах аказалася надзвычай цяжка. Таму дырэктар гонкі Давід Кастэра прыняў рашэнне абвясціць фініш спецучастка ўжо пасля сто першага кіламетра. Ды і такую дыстанцыю пераадолелі не ўсе.

Фаварыты мотакатэгорыі, зрэшты, пераадолелі. І ў іх кола вярнуўся Даніэль Сандэрс, які гэты Дакар пачаў быў з перамогі. Хутчэйшым аўстраліец стаў і ўчора, праехаўшы па баявой дыстанцыі за 51 хвіліну 43 секунды. Аўстраліец на 2 хвіліны 26 секунд апярэдзіў свайго партнёра па завадской камандзе GasGas Сэма Сандэрлэнда, які працягвае лідзіраваць у генеральнай класіфікацыі з агульным часам 19 гадзін 55 хвілін 59 секунд. Даніэль адстае ад брытанца на 5 хвілін 35 секунд, займаючы цяпер трэцюю пазіцыю.

Дакар-2022: шосты этап

Паміж двума гасгасаўцамі застаецца завадскі гоншчык KTM Маціас Валькнэр, які ўчора замкнуў першую тройку, адстаўшы ад Сандэрлэнда на дзесяць секунд. У абсалюце паміж імі 2 хвіліны 39 секунд. Француз Адрыен ван Бэверэн з завадской Ямахі цяпер чацвёрты, ад лідара ён адстае на 7 хвілін 43 секунды. Учора француз фінішаваў восьмым, саступіўшы Сандэрлэнду 4 хвіліны 10 секунд.

Добрая навіна – Дакар працягваецца для гоншчыка завадской каманды Honda Хоана Барэды Борта, які днём раней пашкодзіў плячо ў падзенні. Дрэнная – ён скончаны для мінулагодняга пераможцы ў катэгорыі квадрацыклаў Мануэля Андухара. Учора аргенцінец якраз стаў ахвярай наступстваў праходу па трасе аўтамабіляў. Ён патрапіў у каляіну, што засталася ад іх, ўпаў са сваёй Ямахі, траўміраваў нагу і пашкодзіў квадрацыкл.

Расіянін Андрэй Максімаў жа ўчора не толькі пазбег падобных непрыемнасцей, але і перамог на этапе, справіўшыся са спецучасткам за 1 гадзіну 10 хвілін 10 секунд, і вярнуўся ў першую тройку абсалютнага заліку. Гоншчык з Яшкар-Алы яе замыкае, 36 хвілін 15 секунд адстаючы ад лідара, якім застаецца Александр Жыру, чый агульны час складае 25 гадзін 18 хвілін 29 секунд. Учора француз заняў другое месца, ён быў павольнейшым за Максімава ўсяго на 9 секунд.

39 секунд расіяніну саступіў суайчыннік Жыру Себасцьен Судэ, які фінішаваў трэцім. У агульным заліку, праўда, ён займае апошнюю дванаццатую пазіцыю, адстаючы ад Александра на бясконцыя семдзесят шэсць з паловай гадзін. Вось былы лідар Пабла Капэці ад яго блізка – у 4 хвілінах 52 секундах і на другой пазіцыі. Учора амерыканец паказаў пяты вынік, саступіўшы Максімаву 1 хвіліну 8 секунд.

Лідарства Насэра Аль-Аціі і Мацьё Бамэля ў катэгорыі легкавых аўтамабіляў выглядае непахісным. На ўчарашнім этапе катарска-французскі экіпаж завадской Таёты замкнуў першую дзясятку, адпусціўшы пераможцаў на 6 хвілін 16 секунд, але ў генеральнай класіфікацыі, дзе яго агульны час складае 20 гадзін 37 хвілін 24 секунды, ён на 48 хвілін 54 секунды апярэджвае бліжэйшых пераследнікаў – Язіда Аль-Раджы і Майкла Ора.

Прадстаўнікі каманды Overdrive Toyota учора замкнулі першую тройку, на 1 хвіліну 49 секунд адстаўшы ад пераможцаў – экіпажа каманды Bahrain Raid Xtreme Арланда Тэрановы і Даніэля Алівераса. Дыстанцыю спецучастка (усю – матацыклісты з квадрацыклістамі трасу на папярэднім этапе не забілі) аргенцінец і іспанец пераадолелі за 3 гадзіны 6 хвілін 45 секунд.

Дакар-2022: шосты этап

Не пашанцавала іх партнёрам – Себасцьену Лёбу і Фабіану Луркену. Французы дапусцілі навігацыйную памылку, згубілі час на блуканне ў пустыні і адсталі ад экіпажа Тэрановы на дваццаць адну з паловай хвіліну, фінішаваўшы трыццатымі. У генеральнай класіфікацыі яны апусціліся на трэцюю пазіцыю, і прайграюць экіпажу Аль-Аціі ўжо 50 хвілін 45 секунд. Хаця яшчэ могуць вярнуць сабе другое месца.

У Audi пра подыум у гэтым годзе не думаюць, а проста ў баявых умовах тэсціруюць і дапрацоўваюць гібрыдны прататып RS Q e-tron. Яму пакуль бракуе надзейнасці, затое хуткасць у яго ёсць, а зрабіць хуткі аўтамабіль надзейным прасцей, чым наадварот. Даказваць хуткасць на шостым этапе надышла чарга Маціаса Экстрома з Эмілем Бергквістам – шведы занялі другое месца, адстаўшы ад пераможцаў на 1 хвіліну 6 секунд. У абсалюце яны чатырнаццатыя, а ад лідараў адстаюць болей чым на дзве з паловай гадзіны.

Дакар-2022: шосты этап

Карлас Сайнс-старэйшы з Лукасам Крузам дваццаць пятыя, амаль у чатырох гадзінах ад лідараў. Іспанцы ўчора фінішавалі з сорак трэцім вынікам, саступіўшы пераможцам этапу болей чым 43 хвіліны. Акурат перад імі ў пратаколе размясціліся Стэфан Петэрансэль з Эдуардам Буланжэ, яны былі хутчэй за экіпаж Сайнса меней чым на хвіліну, а ў генеральнай класіфікацыі са штрафам болей чым у сорак шэсць гадзін і адставаннем ад лідара болей чым у шэсцьдзесят восем ідуць семдзесят першымі. Але ў наступным годзе, магчыма, Петэрансэль папоўніць калекцыю сваіх перамог на Дакары – патэнцыял у машыны вялікі.

Вялікі штраф – ажно ў дваццаць восем гадзін – маюць і расіянка Марыя Апарына з беларусам Андрэем Рудніцкім, якія выступаюць у катэгорыі лёгкіх прататыпаў. Сход з дыстанцыі праз праблемы з софтам на папярэднім этапе адкінуў іх далёка назад, і зараз яны займаюць трыццаць шостае месца, адстаючы ад лідараў болей чым на сорак сем з паловай гадзін. Але гонку працягваюць, і на ўчарашнім этапе фінішавалі трыццаць другімі, саступіўшы пераможцам болей за паўтары гадзіны. Няхай ім шчасціць у другой палове ралі!

Дакар-2022: шосты этап

Заслугоўваюць такога пажадання і Сэт Кінтэра з Дэнісам Цэнцам, якія пасля сходу з дыстанцыі праз паломку абодвух дыферэнцыялаў страцілі лідарства пасля другога этапу. Зараз у генеральнай класіфікацыі амерыканец з немцам трыццаць першыя, болей чым у шаснаццаці гадзінах ад лідараў і з дзесяцігадзінным штрафам. Але найхучтэйшымі на спецучастку ўчора ізноў сталі менавіта яны.

Доп Сэт і Дэніс пераадолелі за 3 гадзіны 27 хвілін 23 секунды, на 11 хвілін 21 секунду апярэдзіўшы экіпаж першай (на пару з Себасцьенам Лёбам, дарэчы) віцэ-чэмпіёнкі электрычнай пазадарожнай серыі Extreme E Крысціны Гуцьерэс і Франсуа Казале. Якія, дарэчы, падняліся на трэцюю пазіцыю ў абсалюце, дзе, праўда, 2 гадзіны 20 хвілін 16 секунд саступаюць лідарам – Франсіска Лопесу і Хуану-Пабла Латраху.

Дакар-2022: шосты этап

Агульны час чылійцаў складае 24 гадзіны 19 хвілін 17 секунд, а ўчора яны замкнулі першую тройку, саступіўшы экіпажу Кінтэра 13 хвілін 25 секунд. Канкурэнтаў фактычна няма не толькі ў іх, але і ў іх партнёраў па камандзе EKS South Racing Себасцьяна Эрыксана і Вутэра Росгаара, якія ў 23 хвілінах 9 секундах ззаду ідуць у абсалюце другімі. На шостым этапе швед і нідэрландзец фінішавалі на чацвёртым месцы, саступіўшы пераможцам 14 хвілін 18 секунд. Так што тут прывесці да змен можа толькі нейкая катастрофа ў лідараў, але яны якраз стараюцца яе пазбегнуць.

У катэгорыі SSV усё куды меней вызначана. Хаця дэбютанты Радрыга Лупі дэ Алівэйра і Майкель Жуста па выніках шостага этапу толькі павялічылі адрыў ад канкурэнтаў, а іх агульны час складае 25 гадзін 4 хвіліны 1 секунду. Учора яны самі на 3 хвіліны 4 секунды адпусцілі пераможцаў – палякаў Марэка Гочала і Лукаша Ласкаўца, якія пераадолелі спецучастак за 3 гадзіны 39 хвілін 24 секунды. Але Осцін Джонс і Густава Гужэльмін усё роўна апынуліся ззаду, фінішаваўшы пятымі з адставаннем ад пераможцаў у пяць з паловай хвілін.

Дакар-2022: шосты этап

У генеральнай класіфікацыі амерыканец з бразільцам захавалі другую пазіцыю, але дэ Алівэйра і Жуста апярэджваюць іх ужо на 6 хвілін 56 секунд. Што, зрэшты, нямнога. Замыкае першую тройку экіпаж брата Марэка Гочала Міхала і Жымона Гаспадарчыка, якія адстаюць ад лідараў на 28 хвілін 6 секунд (сам Марэк прайграе ім болей за гадзіну і займае шостую пазіцыю). Учора Міхал саступіў Марэку 6 хвілін 45 секунд, фінішаваўшы сёмым. А трэцімі сталі расіяне Сяргей Каракін і Антон Уласюк, якія адсталі ад пераможцаў на 3 хвіліны 6 секунд. Лідарам абсалюту яны саступаюць амаль дзве з паловай гадзіны, займаючы восьмую пазіцыю.

У катэгорыі грузавікоў усё няма куды стабільней – экіпажы КамАЗа на першых трох пазіцыях. Лідзіруюць, як і раней, Дзмітрый Сотнікаў, Ільгіз Ахметзянаў і Руслан Ахмадзееў, якія ў суме затрацілі на праходжанне першай паловы дыстанцыі 22 гадзіны 25 хвілін 45 секунд. Учора яны ўсяго 9 секунд саступілі Андрэю Каргінаву, Андрэю Макееву і Івану Малькову, якія ізноў перамаглі, справіўшыся са спецучасткам за 3 гадзіны 16 хвілін 16 секунд. У абсалюце яны па-ранейшаму шостыя, да Сотнікава ім болей за паўтары гадзіны.

Дакар-2022: шосты этап

Бліжэйшымі жа пераследнікамі дзейснага пераможцы Дакару ёсць Эдуард Нікалаеў, Яўгеній Якаўлеў і Ўладзімір Рыбакоў. Яны ўчора замкнулі першую тройку, 45 секунд саступіўшы экіпажу Каргінава, а ад Сотнікава ў абсалюце адстаюць на 10 хвілін 29 секунд. Антон Шыбалаў, Дзмітый Нікіцін і Іван Татарынаў у агульным заліку трэція, у 38 хвілінах 17 секундах ад лідараў, а ўчора фінішавалі сёмымі, адстаўшы ад Каргінава на адзінаццаць хвілін.

Экіпаж каманды Petronas team de Rooy IVECO у складзе Януса ван Кастэрэна, Марсэля Снійдэрса і Дарэка Родэвальда учора фінішаваў з восьмым вынікам, саступіўшы пераможцам без малога трынаццаць хвілін. Але ў генеральнай класіфікацыі менавіта яны застаюцца лепшымі, хто выступае не за КамАЗ – займаюць чацвёртую пазіцыю, ужо болей чым на гадзіну адстаючы ад лідараў.

Дакар-2022: шосты этап

Сёння ўдзельнікі ралі Дакар адпачываюць у Эр-Рыядзе, даючы магчымасць заўтра адпачыць «Гоначнай псіхапатыі». Заўтра ж іх чакае 701-кіламетровы пераезд у Аль-Давадзімі. Працягласць спецучастку пры гэтым будзе не рэкорднай, і складзе 402 кіламетры, але прыгод на іх хопіць усім.

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.