Дакар-2022: восьмы этап

0 22

Фота: dakar.com

Учарашні этап сорак чацвёртага ралі Дакар яшчэ раз нагадаў, што ўсе вынікі варта падводзіць толькі пасля завяршэння ўсёй гонкі. Што заўгодна па-ранейшаму можа здарыцца нават з лідарамі.

Дакар-2022: восьмы этап

У панядзелак удзельнікі Дакару сустрэлі многае з арсеналу прыроды Саудаўскай Аравіі: пяскі і дзюны, камяні і горы з пад’ёмамі болей чым на 1 000 метраў над узроўнем мора. Няпроста не толькі ехаць па ўсяму гэтаму, але і арыентавацца на мясцовасці. Ну і пра магчымыя тэхнічныя праблемы забывацца нельга.

Хаця апошнія як мінімум фаварытаў катэгорыі матацыклаў учора абышлі бокам. Завадскі гоншчык GasGas Сэм Сандэрлэнд узначаліў фінішны пратакол восьмага этапу, пераадолеўшы 395-кіламетровы спецучастак за 3 гадзіны 48 хвілін 2 секунды, і заадно вярнуў сабе лідарскую пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі, дзе яго час складае 27 гадзін 38 хвілін 42 секунды.

Дакар-2022: восьмы этап

Канкурэнт брытанца з завадской каманды KTM Маціас Валькнэр зноў з’яўляецца яго галоўным пераследнікам, адстаючы ад яго на 3 хвіліны 45 секунд. Учора аўстрыец замкнуў першую тройку, саступіўшы Сандэрлэнду 4 хвіліны 11 секунд. Паміж імі ўціснуўся чыліец Пабла Кінтанілья з Monster Energy Honda, які адстаў ад Сэма на 2 хвіліны 53 секунды, а ў агульным заліку прайграе яму пяць з паловай хвілін, ідучы чацвёртым.

Трэцюю пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі займае Адрыен ван Бэверэн. Француз з каманды Monster Energy Yamaha саступае Сандэрлэнду 4 хвіліны 43 секунды, а на восьмым этапе прайграў пераможцу Дакара-2017 больш за дзесяць хвілін, фінішаваўшы восьмым. Наогул, не толькі ён мае шанцы паспрачацца з Сандэрлэндам за перамогу. Уся першая шасцёрка, напрыклад, умяшчаецца меней чым у паўгадзіны.

Дакар-2022: восьмы этап

Пры гэтым у перамозе на дакараўскім этапе ёсць і адваротны бок: хто быў першым учора, першым сыходзіць на баявую дыстанцыю сёння. А значыцца, не мае перад вачыма слядоў, пакінутых супернікамі, што дадаткова ўскладняе навігацыю. Таму па выніках сённяшняга этапу Сандэрлэнд можа ізноў страціць лідарства.

Александру Жыру ў катэгорыі квадрацыклаў гэта, здаецца, не пагражае. Яго час у абсалютным заліку пасля васьмі спецучасткаў складае 34 гадзіны 41 хвіліну 2 секунды, а Пабла Капэці, які займае другую пазіцыю, адстае ад яго на 30 хвілін 47 секунд. На фінішы восьмага этапу паміж французам і амерыканцам было 12 хвілін 26 секунд, пры гэтым Пабла быў трэцім, а Александр перамог, справіўшыся з баявой дыстанцыяй за 5 гадзін 2 хвіліны 8 секунд. На 48 секунд павольнейшым за яго быў Марчэла Медэйрас, які перамог на папярэднім этапе. У генеральнай класіфікацыі, зрэшты, бразілец толькі восьмы, болей чым у дваццаці дзвюх гадзінах ад француза.

Дакар-2022: восьмы этап

Замыкае ж першую тройку генеральнай класіфікацыі пасля сходу з дыстанцыі расіяніна Аляксандра Максімава паляк Каміль Вішнеўскі. Ад Жыру ён адстае на 2 гадзіны 12 хвілін 11 секунд, а ўчора фінішаваў чацвёртым, саступіўшы Александру амаль сямнаццаць хвілін. Таму толькі Капэці і ёсць сапраўдным супернікам Жыру. Пры гэтым амерыканцу варта паднаціснуць, каб угнацца за лідарам. З якім, зрэшты, можа здарыцца ўсякае.

Вось як учора здарылася з Насэрам Аль-Аціёй і Мацьё Бамэлем. Паломка трансмісіі іх Toyota GR DKR HiLux пакінула іх толькі з пярэднім прывадам – і гэта на даволі цяжкім пікапе! Натуральна, катарска-французскі экіпаж моцна згубіў у хуткасці, і да фінішу прыйшоў толькі з адзінаццатым вынікам і адставаннем ад пераможцаў болей чым у дзесяць хвілін. Лідарства ў абсалюце, дзе яны маюць ужо 27 гадзін 45 хвілін 52 секунды агульнага часу, засталося за імі, але Себасцьен Лёб з Фабіанам Луркенам яшчэ крыху падабраліся, і цяпер саступаюць ім 37 хвілін 58 секунд.

Дакар-2022: восьмы этап

Французы з каманды Bahrain Raid Xtreme не здаюцца, хаця на восьмым этапе лепшымі і не былі, заняўшы толькі трэцяе месца і адстаўшы ад пераможцаў на 3 хвіліны 8 секунд. Пераможцамі ж сталі Маціас Экстром і Эміль Бергквіст, якія прамчалі па спецучастку за 3 гадзіны 43 хвіліны 21 секунду. І гэтым свята на вуліцы Audi не абмежавалася! Стэфан Петэрансэль з Эдуардам Буланжэ саступілі ім усяго 49 секунд, заняўшы другое месца, а Карлас Сайнс-старэйшы з Лукасам Крузам адсталі на 3 хвіліны 11 секунд і сталі чацвёртымі.

Ужо зразумела, што экіпажы на гібрыдных прататыпах RS Q e-tron будуць галоўнымі прэтэндэнтамі на перамогу на наступным Дакары. Зараз жа Экстром і Бергквіст займаюць адзінаццатую пазіцыю ў агульным заліку, адстаючы ад лідараў болей чым на дзве з паловай гадзіны. Экіпаж Сайнса падняўся на васямнаццатую пазіцыю і адстае ад першай амаль на чатыры гадзіны, а экіпаж Петэрансэля – на шэсцьдзесят восем, ідучы шэсцьдзесят трэцім.

Дакар-2022: восьмы этап

Першую ж тройку замыкаюць Язід Аль-Раджы і Майкл Ор, якія саступаюць Аль-Аціі 53 хвіліны 13 секунд. Учора экіпаж каманды Overdrive Toyota фінішаваў дзясятым, саступіўшы пераможцам амаль дзесяць хвілін.

У катэгорыі лёгкіх прататыпаў мы сочым найперш за выступам расіянкі Марыі Апарынай і нашага суайчынніка Андрэя Рудніцкага. А ім падтрымка дакладна не будзе залішняй – учарашні дзень выдаўся для іх надзвычай складаным. Праблемы з варыятарам іх Can-Am Maverick ізноў адкінулі іх далёка назад.

Як паведаміла сама Марыя ў сваім Фэйсбуку, да гатэля яны дабраліся толькі а чацвёртай гадзіны раніцы. Ні ў фінішным пратаколе, ні ў табліцы агульнага заліку іх з Андрэем няма, але барацьбу яны працягваюць. Незразумела толькі пакуль што, на якой пазіцыі яны апынуцца і колькі будуць прайграваць лідарам цяпер.

Дакар-2022: восьмы этап

Лідары ж не памяняліся – імі засталіся Франсіска Лопес і Хуан-Пабла Латрах, чый агульны час складае 32 гадзіны 51 хвіліну 39 секунд. Учора яны занялі чацвёртае месца, сямнаццаць хвілін саступіўшы ізноў Сэту Кінтэра з Дэнісам Цэнцам, якія атрымалі чарговую перамогу на этапе, пераадолеўшы спецучастак за 4 гадзіны 17 хвілін 14 секунд. Амерыканец з немцам на 11 хвілін 57 секунд апярэдзілі Себасцьяна Эрыксана і Вутэра Росгаара, якія ў агульным заліку засталіся другімі, і адстаюць ад лідараў і сваіх партнёраў па калектыве EKS South Racing 1 гадзіну 19 хвілін 1 секунду.

Трэцяе месца на восьмым этапе занялі расіяне Павел Лебедзеў і Кірыл Шубін, якія саступілі Кінтэра і Цэнцу 12 хвілін 32 секунды. Ад экіпажа Лопеса ж у абсалюце яны адстаюць амаль на пяць гадзін, замыкаючы першую пяцёрку. А вось першую тройку цяпер займаюць Фернанда Альварэс і Ксав’е Пансэры, якія адстаюць ад лідараў на 2 гадзіны 55 хвілін 30 секунд. Экіпажу Кінтэра яны ўчора саступілі болей за трыццаць чатыры хвіліны, заняўшы шостае месца.

Дакар-2022: восьмы этап

Крысціне Гуцьерэс і Франсуа Калазе ўчора не пашанцавала – механічныя праблемы пасля 50 кіламетраў каштавалі ім трох гадзін. У абсалюце яны цяпер шостыя, амаль у пяці гадзінах ад лідараў, а ўчарашнім пераможцам саступілі болей сямі гадзін, дабраўшыся да фінішу трыццаць першымі.

Расіяне Сяргей Каракін і Антон Уласюк, якія выступаюць у катэгорыі SSV, відаць, усё ж выбылі з барацьбы ў выніку аварыі, у якую патрапілі ў нядзелю. Але славянскае прадстаўніцтва засталося шырокім, і ў першай тройцы па выніках восьмага этапу славянскіх экіпажаў было ажно два – браты Марэк і Міхал Гочалы.

Дакар-2022: восьмы этап

Першы з іх, старэйшы, выступае ў пары з Лукашам Ласкаўцом, і яны ўчора перамаглі, справіўшыся з допам за 4 гадзіны 36 хвілін 14 секунд. Другому, малодшаму, дапамагае Жымон Гаспадарчык, і яны занялі другое месца, саступіўшы Марэку і Лукашу 2 хвіліны 48 секунд. Нядрэнна абодва экіпажы ідуць і ў абсалютным заліку, дзе экіпаж Марэка пяты, а яго адставанне ад лідараў складае 33 хвіліны 17 секунд, а экіпаж Міхала займае трэцюю пазіцыю, саступаючы першай 14 хвілін 49 секунд.

Лідары – гэта па-ранейшаму Осцін Джонс і Густава Гужэльмін, чый агульны час складае 34 гадзіны 12 хвілін 38 секунд. Яны восьмы этап скончылі на трэцяй пазіцыі, саступіўшы пераможцам 8 хвілін 10 секунд. У абсалюце да іх бліжэй за ўсіх Жырар Фарэс і Дыега Артэга, якія адстаюць на 6 хвілін 38 секунд. Учора яны фінішавалі чацвёртымі, саступіўшы экіпажу Марэка Гочала 8 хвілін 15 секунд.

Дакар-2022: восьмы этап

Экіпаж дзейсных пераможцаў Дакару ў катэгорыі грузавікоў Дзмітрыя Сотнікава, Ільгіза Ахметзянава і Руслана Ахмадзеева крыху замацаваў сваё цяперашняе лідарства, атрымаўшы перамогу на восьмым этапе, пераадолеўшы спецучастак за 3 гадзіны 56 хвілін 42 секунды. Іх агульны час – 30 гадзін 2 хвіліны 36 секунд, на 11 хвілін 25 секунд яны апярэджваюць Эдуарда Нікалаева, Яўгенія Якаўлева і Ўладзіміра Рыбакова.

Тыя займаюць другую пазіцыю, а ўчора былі трэцімі, адстаўшы ад калег па КамАЗе на 6 хвілін 11 секунд. Другое месца ўзялі яшчэ адны расіяне – Андрэй Каргінаў, Андрэй Макееў і Іван Малькоў, якія саступілі экіпажу Сотнікава 3 хвіліны 11 секунд, а ў абсалюце адстаюць ад яго болей чым на паўтары гадзіны, займаючы пятае месца.

Дакар-2022: восьмы этап

Аднак уся першая тройка ўсё роўна ўпэўнена ўтрымліваецца камазаўцамі – Антон Шыбалаў, Дзмітый Нікіцін і Іван Татарынаў яе замыкаюць, саступаючы Сотнікаву 40 хвілін 23 секунды. Восьмы этап яны завяршылі на чацвёртым месцы, саступіўшы Дзмітрыю амаль дзевяць хвілін.

Першую пяцёрку ўчора замкнуў экіпаж двухразовага пераможцы Дакару года ў катэгорыі квадрацыклаў Ігнасіа Касале і Альвара Леона і Томаша Сіколы. Ад Дзмітрыя Сотнікава іх аддзяліла болей чым дваццаць хвілін, а ў генеральнай класіфікацыі яны адстаюць ад расіяніна болей чым на семдзесят чатыры гадзіны, займаючы трыццатую пазіцыю. А лепшыя з астатніх – па-ранейшаму Алеш Лапрайс, Петр Пакора і Яраслаў Вальтр з каманды InstaForex Loprais Praga. Яны займаюць чацвёртую пазіцыю, адстаючы ад лідараў амаль на паўтары гадзіны, а ўчора фінішавалі шостымі, саступіўшы ўсё таму ж Сотнікаву дваццаць дзве хвіліны.

Дакар-2022: восьмы этап

Сёння бівуак Дакару застаецца ў Вадзі-ад-Давасіры – дзявяты этап закальцаваны і адзін з самых кароткіх што па абсалютнай адлегласці ў 491 кіламетр, што па даўжыні спецучастку, якая складае 287 кіламетраў. Хаця рэльеф з навігацыяй усё роўна не абяцаюць, што будзе лёгка.

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.