Як я хацеў у турму да Івуліна, але лепей хай Пабалавец сходзіць да яго на суд

0 8

Алег Гаруновіч – пра дзіцячую хваробу.

Як я хацеў у турму да Івуліна, але лепей хай Пабалавец сходзіць да яго на суд

Вычварная беларуская забава: ні за што сядзець за кратамі і адтуль падтрымліваць тых, хто прыдаецца скрусе і адчаю на волі. Суцяшаць разгубленых сваякоў, падбадзёрваць панурых таварышаў, лекаваць пачуццё віны ў незнаёмцаў, якія раптам табе напісалі, – ну каму гэтым у Беларусі займацца, як не палітвязням?

І я ведаю, хто ў гэтай забаве чэмпіён (хаця не выключаю, што першае месца падзяляюць адразу некалькі асоб).

Саша Івулін і да СІЗА быў канцэнтратам аптымізму. Гэтай якасці ў ім было і застаецца так многа, што яна нават прасочвалася ў рэпартажы ў сваім чыстым выглядзе. Калі трэніроўка або гульня – то абавязкова бадзёрая, калі рэпліка футбаліста пра будучыню – абавязкова аптымістычная. Бадзёрасці і аптымізму ў тэкстах на пачатку кар’еры было столькi, што ў нейкі момант рэдактарскім загадам іх нават прыйшлося забараніць (і хто б мог падумаць, што такую забарону ўвядуць на ўзроўні цэлай краіны).

Але Івулін захоўвае свае «спажывецкія якасці» нават ва ўмовах, для гэтага цалкам непрыдатных. І тое дзіўна. І я нават хваляваўся з гэтай нагоды, бо адна знаёмая, аматарка псіхалогіі, сказала, што вязні могуць або хаваць, або не ўсведамляць свае сапраўдныя пачуцці. Вось і думаў: можа, Саша прыкідваецца? Можа, на душы цяжка, а ён толькі кажа, што ўсё ок? Нават пару разоў запытаў пра гэта ў лоб: гэй, хлопец, ці не прыкідваешся ты? І адказ заўжды быў аднолькавы: не прыкідваюся.

Саша кажа, што жыве з усведамленнем, што нічога дрэннага нікому не зрабіў. Яго сумленне цалкам чыстае. Нейкай нагоды сябе дакараць няма, бацькоў не зганьбіў. Таму сядзіць і асабліва не хвалюецца – і бывала, што я яму нават зайздросціў.

Больш за тое, раней, у прыступах маладушша, я хацеў да Сашы – хоць на суседнія нары, хоць у суседнюю камеру. Хацелася, як у дзяцінстве, проста спыніць гульню, якая надакучыла. Выйсці з яе і рушыць па іншых справах. У малых жа гэта так проста. Не атрымалася, нагуляўся – ладна, я пайду. А яшчэ можна было схавацца ў дамку.

І турма часам падавалася не самым горшым варыянтам «дамка». Глядзіце самі. У нейкім сэнсе гэта гераічна і прыгожа – пазбавіцца волі праз свае перакананні. Акрамя таго, турма здымае адказнасць. Пасля арышту можаш сабе сказаць: ну, я ўсё зрабіў, што мог, далей без мяне. Можна стаць назіральнікам і пасля казаць іншым: што ж вы так.

Няволя пазбаўляе і пачуцця віны. Перад тым жа Івуліным, напрыклад, або перад ужо асуджанымі знаёмымі, або перад калегамі, якія чакаюць так званага суда. Так, яны дасылаюць роўныя лісты, не пішуць нічога такога, што можа засмуціць, але нават калі яны не пішуць нічога такога, ты разумееш: толькі тыя людзі, якiя знаходзяцца зараз на волі, могуць выцягнуць сваіх паплечнікаў з-за кратаў. На нас уся надзея. І на нас уся адказнасць.

Ад гэтага можна хавацца ў гіперах і кавярнях, у побытавых справах, але не кожны мае такі талент пераключэння. Ну а турма – гэта кампрамісны варыянт паміж баязлівасцю і канчатковай здрадай, эміграцыяй і смерцю ад кулі ашалелага лукашэнкаўскага сілавіка. Таму я часам хацеў у турму, да Івуліна.

Але, на жаль, дзіцячыя метады не прыдатныя для вырашэння па-сапраўднаму дарослых пытанняў, а беларусы зараз як раз вырашаюць дарослыя пытанні: як нам жыць далей? Ці будзем мы самастойнай нацыяй або, можа, станем проста рускімі, прычым ужо і без знаку якасці? У прынцыпе, ад гэтай праблемы можна ўцячы, можна пакінуць яе дзецям у «спадчыну», не забыўшыся праз колькі гадоў сказаць: выбачайце, ваш татка засцаў. Можа, вам хопіць смеласці?

Таму ў турму да Івуліна я перахацеў – хопіць дзяцініцца. Цяпер хачу да яго на судзілішча, якое распачнецца 17 студзеня. Саша і тут верыць, што ўсё будзе добра, а я маю сумневы, але спадзяюся, што менавіта Саша мае рацыю.

Увогуле, нават дзіўна, што рэжым Лукашэнкі пераняў у таварыша Сталіна тактыку палітычнага тэрору і бусікі-варанкі, а самы гуманны і эфектыўны суд у свеце чамусьці не пераняў. Але ж у 1930-я быў узор, на які і сённяшнія дыктатары могуць арыентавацца. Суды-тройкі ў складзе начальніка мясцовага НКУС (КДБ), партыйнага боса і пракурора працавалі хутка і надзейна, выносілі любыя прысуды. Працавалі як адзіны зладжаны механізм. Тое быў не спрачальны працэс, а працэс з абвінаваўчым ухілам.

У прынцыпе, сэнс «правасуддзя» у Беларусі такі ж. Толькі людзі чамусьці чакаюць расправы і паўгады, і год. Прычым працэсы часцяком робяць закрытымі, не ладзіцца аніякага шоу, а прысуды выносяць роўна такія, якія просіць пракурор. Пра што ідзе спрэчка за зачыненымі дзвярыма? Можа, суддзя і пракурор гуляюць у шашкі, а адвакат за гэтым назірае, але дае падпіску, што нікому не раскажа? Нейкая бязглуздзіца.

Пішу гэта да таго, што вырак Івуліну мы даведаемся досыць хутка – як толькі пракурор агучыць сваё пажаданне. Сталінскія тройкі спора асуджалі людзей да расстрэлу, лукашэнкаўскія маглі б з не меншай хуткасцю выпраўляць у калоніі – каб не перагружаць СІЗА. Так Саша ўжо больш за паўгады мог бы рыхтавацца да вяртання ў «Крумкачы» (кажуць, у калоніях ёсць стадыёны), а не бегаць на месцы ў адным з дворыкаў па вуліцы Валадарскага.

На суд да Сашы вельмі хочацца, але я на яго, як і многія калегі, не патраплю. Але ёсць і тыя, хто можа патрапіць. Напрыклад, вядучы спартыўных навін на АНТ, які раней пісаў з Гомеля рэпартажы для Goals.by (прычым пісаў няблага) і ў якога пры патрэбе Івулін нават мог спыніцца з начоўкай, калі не паспяваў пасля матча вярнуцца ў Мінск. Зараз хлопец робіць не толькі пра спорт, але і прапаганду пра мігрантаў, а быў жа нядрэнным рэпарцёрам. Гэта ён зафіксаваў фразу, якой Анатоль Капскі троліў пасля паразы «Гомеля» Яўгена Пабалаўца, на той момант дырэктара клуба: «Твітар! Твітар! Папішы ў твітар!»

Дарэчы, і сам Пабалавец, які ў свой час прасоўваў беларускую мову і радаваўся «Нобелю» Святланы Алексіевіч, а ў 2020-м стаў напарнікам азвярэлага Рыгора Азаронка, таксама можа патрапіць на працэс. І ён нічога быў хлопец. Перамогу «Гомеля» у Суперкубку адзначаў проста на трыбунах віскарыкам, а на раніцу перажываў, ці не надта горача выступіў у прэсе – Саша не аднойчы звяртаўся да яго па каментары.

Цікава, гэтыя людзі зараз пачуваюць сябе больш спакойна, чым Івулін?

Саша піша, што вельмі сумуе па працы. Знявольванне для яго – зацягнуўшыся адпачынак. І мы, як можам – марудна, з паўзамі, – абмяркоўваем, а што рабіць, калі ў рэшце рэшт атрымаецца выйсці з турмы. Івулін кажа пра футбол, а я лічу, што трэба брацца за нешта іншае. Бо не ўяўляю, як беларускія футбалісты будуць глядзець нашаму «Частныку» ў вочы пасля ўсіх падзей. Ды і як на футбалістаў будзе глядзець сам Саша, няхай ён і зусім не зласлівы чалавек? Мне здаецца, сённяшні футбол не заслугоўвае Івуліна.

Хаця Івулін і беларускі футбол – гэта другаснае пытанне, а першаснае – ці заслугоўваем мы іншую Беларусь? Добра, калі б на яго па-часныку адказаў кожны беларус. У тым ліку ад гэтага залежыць, як хутка мы пабачым Івульку на волі.

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.