Вам не здаецца, што футбол у Беларусі – гэта блеф? Самазванцы не маюць патрэбы ў вялікіх грошах, было б добра перайсці на паўаматарскі ўзровень, але такога не будзе

0 36

Барацьба за права быць кастрыраваным грамадзянінам можа абвастрыцца.

Вам не здаецца, што футбол у Беларусі – гэта блеф? Самазванцы не маюць патрэбы ў вялікіх грошах, было б добра перайсці на паўаматарскі ўзровень, але такога не будзе

Павел Савіцкі падпісвае кантракт з «Нёманам», дзе па новых лімітах яму могуць плаціць максімум 8 тысяч рублёў на месяц. Вядома, для сярэдняга беларуса тое ого-то – больш за 3 тысячы долараў, але калі ты атрымлiваў 15 тысяч долараў, такое паніжэнне выглядае грандыёзным.

Але Савіцкі на яго пагадзіўся. А яшчэ раней быў згодны гуляць не за 15 тысяч долараў, а за 15 тысяч рублёў. Лукашэнкаўскаму алігарху Аляксандру Зайцаву пры такіх рэпліках футбаліста дакладна было варта задацца пытаннем, а ці ўдала ён правёў перамовы.

Бескарыслівасць – не тая рыса, якую часта сустрэнеш у прафесійным спорце. У беларускім футболе нават лішняя сотня-другая долараў часта многае вырашае і схіляе гульцоў да змены клуба – і гэта ёсць прычына традыцыйнай зімовай міграцыі, якая нагадвае гон у вавёрак (тыя не вельмі прынцыповыя ў інтымных стасунках).

А зараз мы назіраем незвычайную гнуткасць Савіцкага. І Ягор Філіпенка пагадзіўся зменшыць аклад. І нешта падказвае, што і многія яго партнёры па «Шахцёру» пагадзяцца. Ды і ў іншых клубах футбалісты не будуць асабліва ўпарціцца, калі іх папросяць крыху паціснуцца (у «Гомелі», напрыклад, спрацавала, ды і БАТЭ плаціць усё меней і меней, і іншыя таксама). Падобна да таго, гэтыя людзі добра ведаюць, колькі іх здольнасці каштуюць насамрэч.

Канешне, можна сказаць, што гульцы хутчэй разумеюць, якая сітуацыя склалася ў беларускай эканоміцы, і таму праяўляюць грамадзянскую асэнсаванасць. Але што, калі мы яшчэ і з’яўляемся сведкамі выкрыцця вялікага блефу? Раней яго сутнасць фармулявалася наступным чынам: калі вы не будзеце нам плаціць вялікія грошы, то мы… І вось надышоў час удакладніць: то мы што?

І аказваецца, што нічога.

Ува мне мацнее адчуванне, што мы доўгі час назіралі не за футболам, а за тым, як самазванцы выконвалі пэўныя ролі ў футбольных бутафорыях.

Сутнасць рэжыму Лукашэнкі якраз заключаецца ў тым, каб ствараць розныя бутафорыі. Быццам бы ў нас ёсць закон, быццам ёсць клопат пра насельніцтва. Быццам у нас вельмі эфектыўны дзяржаўны сектар, няхай яго даўгі растуць і растуць. Калектыўны няўклюда-няўмека марна спрабуе выявіць у сабе хоць нейкі талент – і робіць гэта за кошт грамадства.

Насамрэч няўклюда-няўмека толькі імітуе бурную дзейнасць, а задача ў яго іншая – з дапамогай дэкарацый, нейкіх зусім няхітрых механізмаў адцягнуць увагу беларусаў ад чалавека, які заклапочаны толькі тым, каб нікому не аддаць уладу. Добра, што той чалавек не дазваляе на сябе забыцца.

Футбол у нас таксама бутафорскі. Няма ў ім ні талентаў, ні эканомікі, ні вынікаў, ні заўзятараў, але ж, здаецца, ёсць гульцы. Праўда, калі да іх уважліва прыгледзішся, то ў большасці бачыш тых самых самазванцаў, якія чамусьці лічаць сябе профі. Вельмі доўга прафесіяналізм вымяраўся выключна заробкамі. Але, як мы бачым, самазванцы бяруць столькі, колькі ім даюць (профі – столькі, колькі могуць зарабіць). Пачалі плаціць меней – ну ок, давайце хоць гэта. Па-за межамі айчынных дэкарацый яны неканкурэнтаздольныя і незапатрабаваныя. Хаця наяўнасць сапраўдных майстроў у чэмпіянаце Беларусі, якія і нешта ўмеюць, і ведаюць сабе цану, усё ж такі нельга цалкам выключаць.

З дапамогай чыноўнікаў беларускі футбол рухаецца ў верным кірунку (навошта выдаткоўваць лішнія грошы, калі можна гэтага не рабіць без страты ў якасці?). Але ніколі пад іх наглядам працэс не прыйдзе да лагічнага канца – да цалкам прыватных клубаў, дзе ўласнікі самі будуць вырашаць, колькі і каму плаціць са сваіх прыбыткаў, не маючы спадзеву на дзяржаву. Базанаву, Кавальчуку і тым, хто вышэй за іх (а можа, і за Бога), не патрэбныя ў эліце 16 «Крумкачоў», нават калі ў краіне адшукаецца 16 дурняў, згодных па ўласнай ахвоце фінансаваць футбол. 16 клубаў, дзе робяць, што хочуць, і гавораць, што думаюць. Нават адны «Крумкачы» для «смотрящих» за футболам – гэта нясцерпна.

Магу памыляцца, але ёсць падазрэнне, што мы рушым да таго, што беларусам будзе не па кішэні ўтрымліваць у вышэйшай лізе 16 клубаў. Канешне, гэтую колькасць можна захаваць нават з меньшымі выдаткамі. Для гэтага толькі трэба прыйсці да паўпрафесійнага ўзроўню, у чым асабіста я не бачу нічога дрэннага. Помніце, як зусім нядаўна былы трэнер мінскага «Дынама» Роберт Маскант дзівіўся вялікай колькасці гульцоў у чэмпіянаце Беларусі, старэйшых за 30? Яму гэта падаецца ненатуральным. Чаму так? Вось маё тлумачэнне.

Роберт Маскант: «Беларусский чемпионат слишком ориентирован на победы, а не на развитие футболистов. В каждом клубе есть игроки старше 33-34 лет – не думаю, что так должно быть»

Чэмпіянат Беларусі ў сённяшнім фармаце не можа быць месцам для заробку грошай. З такой мэтай трэба ехаць у іншыя, больш багатыя краіны. А ў нас можна гуляць на імпэце, для асалоды, каб сябе зарэкамендаваць і прабіцца на вышэйшы ўзровень. Звычайна да гэтага імкнецца моладзь, а людзі больш сталага веку падбіраюць ужо сабе справу сур’ёзную і фінансава прыбытковую. Таму Маскант і дзівіцца: як гэта ў адной з найбяднейшых краін Еўропы мужыкі за 30 працягваюць ганяць мяч? Хто ім, гэтым людзям, якіх ужо нікуды не прадасі, плаціць такія грошы, якіх хапае на ўтрыманне сям’і з палётамі на Мальдзівы ды іншым шыкам? Для чаго гэта?

Паўпрафесійная ліга – тое, за чым бы я паназіраў з вялікім інтарэсам. То быў бы вельмі лагічны і, упэўнены, зусім не ганебны эксперымент. Зараз у Беларусі хапае людзей, якія вымушаныя, так бы мовіць, выходзіць з зоны камфорту. Акторка гарадзенскага тэатра вось працуе таксісткай у Польшчы, а вядомы спявак некалькі месяцаў адрабіў грузчыкам на Камароўцы. Ні ў кога карона не ўпала. І чаму футбалісты павінны быць выключэннем? Шыкаўка, гулец-мерчандайзер, пацвердзіць, што ўсё рэальна. І што важна – у пажаданых мною пераменах не будзе ніякай палітыкі, а выключна праверка на любоў да футбола.

Але, канешне, такого мудрацы рэжыму дапусціць не могуць. Бутафорыі павінны быць вылізанымі і бліскучымі, як чырвона-зялёны сцяг. Яны павінны пакідаць уражанне грунтоўнасці. Але што рабіць, калі грошай бракуе? Самае відавочнае – вярнуцца да падзабытай ідэі: даўно мы не гуляліся з фарматам вышэйшай лігі (а зараз жа ў федэрацыі як раз заселі эксперыментатары). Лігу можна скараціць да 14 каманд, да 12, каб не знікала ўражанне, што футбол у Беларусі па-ранейшаму прафесійны. Безвыніковы, але прафесійны. Каб было каго адчытаць, каб заставалася нагода ладзіць нарады і ставіць задачы.

Для футбалістаў гэта будзе азначаць толькі адно – конкурс сярод самазванцаў стане больш жорсткім, і можна толькі здагадвацца, па якіх крытэрыях будзе ладзіцца адбор. Наўрад ці выключна па спартыўных.

Таму у барацьбе за права быць кастрыраванымі грамадзянамі няхай перамогуць лепшыя.

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.